«Астравецкую праўду» цікавіць толькі адзін прэтэндэнт

Афіцыйны сайт і газета органа Астравецкага раённага выканаўчага камітэта і Астравецкага раённага Савета дэпутатаў – газеты “Астравецкая праўда”- падае аднабаковую інфармацыю аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Так, 5 ліпеня 2016 г. на сайце газеты з’явілася паведамленне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Адама Кавалькі – старшыні Астравецкага райвыканкаму. Між тым, адначасова з ёй была зарэгістравана ініцыятыўная група прадстаўніка Беларускай партыі “Зялёныя” – Зміцера Кучука. Але пра гэтую групу сайт не паведамляе. Не паведамляе ён і пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Мікалая Уласевіча – сябра АГП, якая адбылася 8 ліпеня 2016 г.

Больш таго, у нумары 52 ад 6 ліпеня 2016 г. у “Астравецкай праўдзе” на першай старонцы размешчана паведамленне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Адама Кавалькі з фотаздымкам прэтэндэнта. Ініцыятыўная група Зміцера Кучука зарэгістравана адначасова з ініцыятыўнай групай старшыні Астравецкага райвыканкаму, але пра яе рэгістрацыю газета не паведамляе.

Рэагуючы на гэтую няроўнасць, грамадска-палітычны актывіст з Астравеччыны Мікалай Уласевіч 10 ліпеня накіраваў праз электронную пошту звароты ў рэдакцыю раённай газеты “Астравецкая праўда» і ў Смаргонскую выбарчую камісію акругі №59. Ён таксама мае намер звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію.

Мікалай Уласевіч піша: “В номере газеты «Астравецкая праўда» №52 от 5.07.2016 опубликована информация следующего содержания: “Решением Сморгонской окружной комиссии №59 по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва зарегистрирована инициативная группа по сбору подписей избирателей в поддержку выдвижения кандидатом в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Ковалько Адама Дмитриевича, председателя Островецкого районного исполнительного комитета. В составе группы – 59 человек, которые представляют разные трудовые коллективы, общественные организации, социальные слои жителей района. Возглавил ее Эдуард Иванович Свирид, начальник отдела информации и по связям с общественностью Белорусской АЭС. Рядом с этой публикацией размещено фото соискателя депутатского мандата”.

Далей Уласевіч піша, што дзейснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь гарантуе роўнасць усіх удзельнікаў выбарчага працэсу, галоснасць і адкрытасць пры правядзенні выбараў. У звязку з гэтым ён просіць у чарговым нумары газеты апублікаваць поўную інфармацыю пра рэгістрацыю яго ініцыятыўнай групы, яе колькасны склад – 13 чалавек, сярод якіх не толькі жыхары Астравецкага раёну, але і прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі. Узначальвае ініцыятыўную групу абласная лідарка АГП Аляксандра Васілевіч. Таксама Мікалай Уласевіч прапануе размясціць побач з гэтай інфармацыяй сваё фота і такім чынам забяспечыць роўнасць удзельнікаў выбарчага працэсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”