Больш за 18 тыс. выбарчых акруг будзе ўтворана ў Беларусі на мясцовых выбарах

Больш за 18 тыс. выбарчых акруг будзе ўтворана ў Беларусі на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія пройдуць у 2018 годзе. Такая інфармацыя размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама, паведамляе БЕЛТА.

У прыватнасці, у Брэсцкай вобласці на выбарах будзе ўтворана 2962 акругі, у Віцебску — 3112, у Гомельскай — 3584, Гродзенскай — 2389, Мінскай — 3451, Магілёўскай — 2556, у горадзе Мінску — 57. Такім чынам, агульная колькасць акруг па ўсёй краіне складзе 18 тыс. 111. Гэта азначае, што ў наступным годзе будзе выбрана аналагічная колькасць дэпутатаў. Бліжэйшыя выбары ў мясцовыя Саветы павінны адбыцца ў Беларусі не пазней за 20 лютага 2018 года. Цэнтральная выбарчая камісія прапанавала правесці іх 18 лютага, канчатковае рашэнне наконт гэтага прыме Прэзідэнт, павінен быць падпісаны адпаведны ўказ. Калі выбары будуць назначаны на 18 лютага, выбарчая кампанія пачнецца за тры месяцы да гэтага — не пазней за 18 лістапада. Першы этап пасля аб’яўлення выбараў — утварэнне тэрытарыяльных камісій. Іх у Беларусі будзе 1315. Затым для абласных Саветаў і Мінска ствараюцца акруговыя і раённыя камісіі, пасля чаго пачынаецца ўжо вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Вылучэнне праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

blr.belta.by