Дзмітрыеў: Каб не было пратэстаў ― трэба пусціць апазіцыю ў мясцовыя саветы

Адзін з лідараў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў выступіў з планам дзеяння апазіцыі на наступныя 5 гадоў. Яго галоўным вынікам павінна стаць наяўнасць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у мясцовых саветах усіх узроўняў і ў парламенце. Дзмітрыеў упэўнены, што гэтага сапраўды рэальна дамагчыся за тры бліжэйшыя выбарчыя кампаніі

Дзмітрыеў: “У нас наперадзе тры кампаніі. Цягам бліжэйшых пяці гадоў пройдуць: выбары ў мясцовыя саветы ў 2018 і 2022 годзе і парламенцкая кампанія 2020 года. трэба проста ісці на іх, працаваць і праз гэта дамагацца, каб нашы людзі праходзілі ў мясцовыя саветы. Тым больш, што зараз у людзей з улады не шмат жадання туды ісці. Асабліва, калі мы кажам пра саветы ўзроўню раённых ці нават пасялковыя. Я ўпэўнены, што гэта такая пакрокавая рэч. І калі нам удасца прарвацца ў мясцовыя саветы ў 2018 годзе, то гэта будзе добрым матывуючым фактарам для людзей больш сур’ёзна ісці на парламенцкія выбары і далей ― на мясцовыя выбары ў 2022 годзе”.

Але ж лідары апазіцыі і раней і зараз сцвярджаюць, што выбараў у краіне няма, а спісу будучых дэпутатаў складаюцца загадзя!

Дзмітрыеў: “Лічу, што гэта будзе палітычнае рашэнне ўлады. Як гэта было і зараз з парламентам ― прапускаць ці не прапускаць апазіцыю ў мясцовыя саветы. І сёння трэба змагацца, каб гэта рашэння пазітыўным і на карысць тых, хто прадстаўляе сёння альтэрнатыву. І на карысць грамадства, якому патрэбна такое прадстаўніцтва на мясцовым узроўні. Сёння гэтага няма ― улада сама па сабе. І мы бачылі, што калі вясновыя пратэсты ў рэгіёнах выходзілі супакойваць вертыкальшчыкі і ідэолагі, то гэтыя супакойваючыя выступы кіраўнікоў толькі яшчэ больш раз’юшвалі людзей. Яны, гэтыя кіраўнікі, не разумеюць людзей. І калі ўлада не хоча новых пратэстаў, у мясцовых саветах павінны быць прадстаўнікі дэмакратычных сіл”.

Толькі самым надзённым падаецца пытанне – ці будзе ўся апазіцыя працаваць па плане Дзмітрыева? Якога, скажам шчыра, па-за межамі Гавары праўды не вельмі любяць. Па словах палітыка, свой 5-ці гадовы план ён накіраваў ва ўсе структуры дэмакратычнай апазіцыі, але ніякай рэакцыі ад іх пакуль не мае.

Еўрарадыё