Чаму ў заняпадзе партыйная сістэма Беларусі

Крыніца: novychas.by

Лідары партый кажуць, што выкарыстоўваюць выбары для пашырэння колькасці прыхільнікаў і прапаганды сваёй праграмы. Аднак за многія гады прыхільнікаў і папулярнасці ў іх не дадалося. Сэнс удзелу партый у выбарчых кампаніях — у самавыжыванні, трэнінгу, дэманстрацыі выбаршчыкам сваёй прысутнасці ў палітычнай прасторы.

Крыху гісторыі

Праз паўгода, то бок дзесьці ў студзені-лютым 2018 года, у Беларусі павінны адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы. Ва ўсім свеце менавіта партыі з’яўляюцца галоўнымі суб’ектамі палітыкі, асноўнымі ўдзельнікамі выбарчых кампаній. І толькі ў нас усё інакш.

Але так было не заўсёды. За чвэрць стагоддзя незалежнага існавання партыйная сістэма Беларусі прайшла пэўную эвалюцыю. Фармаванне партыйнай сістэмы ў краіне можна падзяліць на некалькі перыядаў.

1990–1991 гады — першыя партыі ствараліся ва ўмовах існавання камуністычнага рэжыму. Іх асаблівасцю было тое, што гэта былі партыі ідэі — г.зн. аб’ядноўвалі прыхільнікаў пэўнай ідэалогіі. За імі яшчэ не стаялі ў поўным сэнсе слова канкрэтныя сацыяльныя слаі, інтарэсы якіх яны адлюстроўвалі б, паколькі сацыяльныя інтарэсы яшчэ не сфармаваліся. Так паўсталі партыі ідэі нацыянальнай (БНФ), ліберальнай (Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі), хрысціянскай (Беларускі хрысціянска-дэмакратычны саюз), сацыял-дэмакратычнай (Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада), камуністычнай (Партыя камуністаў Беларусі).

1992–1993 гады — з пачаткам руху да рынку з’явіліся першыя прыкметы расслаення грамадства, вычляненне сацыяльных груп са сваімі спецыфічнымі інтарэсамі. З іншага боку, пасля краху камуністычнага рэжыму за стварэнне партый узяліся прадстаўнікі дзяржаўнай і гаспадарчай наменклатуры. З прычыны гэтага пачалі ўзнікаць арганізацыі, якія ўмоўна можна назваць партыі-лобі. Гэта партыі прагматыкаў, што ставілі канкрэтныя мэты і задачы, для якіх ідэалогія насіла другаснае значэнне. Так паўсталі Партыя народнай згоды, якая аб’яднала рэфармацкую частку дзяржапарату, Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя (пазней пераназваная ў Аграрную партыю), створаная старшынямі калгасаў і дырэктарамі саўгасаў, Беларускі навукова-вытворчы кангрэс, які аб’яднаў дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў і інш.

1994–1995 гады — прэзідэнцкія і парламенцкія выбары стымулявалі бурны працэс стварэння партый. Іх колькасць хутка павялічвалася. У травеньскіх выбарах 1995 года ў Вярхоўны Савет бралі ўдзел 29 палітычных партый, а ў лістападаўскіх-снежаньскіх — ужо 34. Іх прадстаўнікі склалі 65% кандыдатаў у дэпутаты і крыху больш за 50% дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Дзейнічалі тры экалагічныя партыі, тры хрысціянскія, тры рэспубліканскія, дзве нацыянальныя, дзве спартыўныя. Гэты перыяд быў кульмінацыяй у развіцці беларускай шматпартыйнасці. У краіне пачала складвацца партыйная сістэма, якая нагадвала еўрапейскія мадэлі.

З лістапада 1996-га па цяперашні час. Пасля сумна знакамітага рэферэндуму, зменаў у Канстытуцыі і палітычнай сістэме, у краіне стварыўся жорсткі аўтарытарны рэжым. У выніку гэтага ўмовы для дзейнасці партый рэзка пагоршыліся. Згодна з судовымі рашэннямі, звыш дзесяці партый былі ліквідаваныя па прычыне адсутнасці прыкмет іх існавання. Іншыя не прайшлі перарэгістрацыю пасля прыняцця новага закона аб партыях і грамадскіх аб’яднаннях у 1999 годзе.

Рэйтынг ніжэй за калена

Афіцыйна сёння дзейнічаюць 15 партый. У рэальнасці ж функцыянуюць — г.зн. маюць працуючыя структуры на месцах і ўдзельнічаюць у палітычнай барацьбе — не больш за палову з іх. Ужо 17 гадоў новыя партыі ў Беларусі не рэгіструюцца Міністэрствам юстыцыі. Відавочна, такая палітычная ўстаноўка існуе ад кіраўніка Беларусі.

Уплыў палітычных партый на цяперашняе грамадскае жыццё Беларусі нязначны. Іх рэйтынг у Беларусі сёння — «ніжэй за калена». Нават менш, чым у міліцыі.

А. Лукашэнка падчас выступу на 5-м Усебеларускім народным сходзе заявіў: «Партыі ў нас не сфармаваныя — трэба абапірацца на тое, што ёсць. На маладзёжныя, ветэранскія арганізацыі, на саюз жанчын, на нашы прафсаюзы. Трэба іх выкарыстоўваць для таго, каб вырашаць тыя праблемы, якія вырашала калісьці камуністычная партыя. Пакуль не сфармаваўся «партыйны рынак» — трэба партыі замяніць дзеючымі арганізацыямі, якія выступаюць за суверэнітэт і развіццё нашай краіны».

Кіраўнік дзяржавы выклаў досыць распаўсюджаны пункт гледжання. Партыі не лае сёння хіба што лянівы. Дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ абвінавачваюць партыі і іх лідараў ва ўсіх смяротных грахах. Яны, маўляў, адарваліся ад народа, не хочуць ісці да людзей, варацца ва ўласным соку і інш.

Галоўны лейтматыў гэтай антыпартыйнай прапаганды складаецца ў тым, што ў сваім цяперашнім гаротным становішчы вінаватыя самі партыі, прычыны іх слабасці тлумачацца галоўным чынам уласнымі пралікамі ў дзейнасці. І калі б яны паводзілі сябе па-іншаму, не ленаваліся б ісці «ў народ», то і іх роля ў грамадстве адразу ж узрасла б. Гэтыя міфы носяць устойлівы характар, іх з дня на дзень распаўсюджваюць праз СМІ лідары грамадскай думкі.

Крыніца: novychas.by

 

Справа не ў партыях

На самай справе, фундаментальныя прычыны слабасці палітычных партый Беларусі палягаюць зусім у іншым. У краіне адсутнічаюць умовы, неабходныя для функцыянавання партый. Інакш кажучы, цяперашняя слабасць партый — вельмі важная прыкмета, якая сапраўды адлюстроўвае сутнасць палітычнай сістэмы.

Беларусь уяўляе сабой нерэфармаванае посттаталітарнае грамадства. Яго самаарганізацыя знаходзіцца ў зачаткавым стане. Элементы грамадскага самакіравання толькі зараджаюцца ва ўмовах моцнага процідзеяння з боку дзяржавы. У краіне адсутнічае паўнавартасная сацыяльная база для фармавання партый і груп інтарэсаў. У грамадстве, дзе каля 70% уласнасці належыць дзяржаве, насельніцтва не структураванае і, значыць, не дыферэнцыраванае ў сацыяльна-палітычным плане. Сацыяльныя пласты і групы са сваімі спецыфічнымі інтарэсамі толькі пачынаюць складвацца. Большасць насельніцтва не ўсвядоміла сваіх інтарэсаў і кіруецца пераважна палітычнымі інстынктамі і ідэалагічнымі прыхільнасцямі.

Другой прычынай слабасці партый з’яўляецца адсутнасць у Беларусі публічнай палітыкі, г.зн. барацьбы розных грамадскіх сіл за ўплыў на прыняцце палітычных рашэнняў. У краіне адсутнічае механізм рэальнай палітычнай канкурэнцыі. Калі звярнуцца да гісторыі, то ўзнікненне палітычных партый было абумоўленае з’яўленнем двух грамадскіх інстытутаў: парламенту і выбараў. Толькі ў рамках існавання прадстаўнічых органаў улады і дэмакратычных выбараў партыі могуць нармальна функцыянаваць і выконваць адведзеную ім ролю ў грамадстве. Пры адсутнасці гэтых умоў партыі перастаюць выконваць ролю інструмента палітычнага прадстаўніцтва і ўплыву на прыняцце ўладных рашэнняў, аказваюцца на перыферыі грамадскага жыцця, ператвараюцца ў маргінальныя структуры. Менавіта ў такім становішчы апынуліся беларускія партыі, паколькі ў нас няма ні рэальных прадстаўнічых інстытутаў, ні выбараў. Ёсць толькі іх сурагаты.

Дзяржава актыўна супрацьдзейнічае развіццю партыйнай сістэмы і грамадзянскай супольнасці. Неабходна падкрэсліць, што беларускія ўлады ўпарта супраціўляюцца ўвядзенню прапарцыйнай выбарчай сістэмы, у рамках якой галасаванне адбываецца за партыйныя спісы. Такая сістэма дзейнічае ва ўсіх суседніх краінах. У выніку там роля палітычных партый рэзка ўзрасла. Менавіта гэтага і не жадае наша палітычнае кіраўніцтва. Улады штучна ствараюць усялякія перашкоды для дзейнасці партый.

Не партыі, а клубы

У выніку ўсе партыі выштурхнутыя з легальнай палітычнай барацьбы і ператварыліся ў палітычныя клубы. Прычым, у такім становішчы апынуліся як апазіцыйныя партыі, так і праўладныя. (Вельмі знамянальна, што цяпер у Палаце прадстаўнікоў наогул няма фракцый ні партыйных, ні пазапартыйных.) Улады заблакавалі асноўныя каналы камунікацыі паміж партыйнымі арганізацыямі і насельніцтвам. Апазіцыйныя структуры загнаныя ў гета, у якіх яны вымушаныя варыцца ва ўласным соку. Таму, хутчэй, трэба здзіўляцца, што партыі ўсё яшчэ існуюць. Бо ў створанай у краіне палітычнай сістэме яны даўно сталі лішнім звяном.

У ходзе выбарчых кампаній палітычныя партыі выцясняюцца на іх узбочыну. Асноўным суб’ектам палітыкі ў нас застаюцца арганізацыі, створаныя ўладамі (пра што казаў А. Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе), неарганізаваныя групы грамадзян (збор подпісаў) і ў замаскіраваным выглядзе працоўныя калектывы, якія жорстка кіруюцца ўладнай вертыкаллю.

Лідары партый кажуць, што яны выкарыстоўваюць выбары для пашырэння колькасці прыхільнікаў, прапаганды сваёй праграмы. Аднак за многія гады прыхільнікаў і папулярнасці ў іх не дадалося. Сэнс удзелу партый у выбарчых кампаніях складаецца ў самавыжыванні, трэнінгу, дэманстрацыі выбаршчыкам сваёй прысутнасці ў палітычнай прасторы. Бо калі вы не бераце ўдзелу ў выбарах, то вас папросту няма. Напрыклад, ёсць такая партыя КХП-БНФ імя Зянона Пазьняка. Яна байкатуе ўсе выбары. У выніку гэтая палітычная партыя ператварылася ў грамадскую арганізацыю па захаванні і ўшанаванні Курапатаў. Важная місія, але гэта не функцыя палітычнай партыі.

Таму без трансфармацыі існуючай палітычнай сістэмы цяперашняе маргінальнае становішча партый у грамадстве змяніць немагчыма. Толькі аднаўленне ўмоў для публічнай палітыкі, аднаўленне паўнавартаснага парламента і дэмакратычных выбараў можа вярнуць партыі ў сістэмную палітыку. А ўмацаванне партый, аднаўленне іх дзеяздольнасці стане важным фактарам дэмакратызацыі грамадства і дзяржавы.

Валерый Карбалевіч, Новы Час